І Фестываль-конкурс народнай песні імя А.У.Рашчынскага «Агмень»
У хуткім часе дзверы Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І.Глінкі адкрыюцца перад удзельнікамі І Фестывалю-конкурсу народнай песні імя А.У.Рашчынскага «Агмень».
Фестываль-конкурс, які адбудзецца ў перыяд з 2 па 4 красавіка 2019 года, прысвечаны 70-годдзю з дня нараджэння Алеся Уладзiмiравiча Рашчынскага – віднага дзеяча культуры, кампазітара, харавога дырыжора, фалькларыста, арганізатара і кіраўніка розных музычных калектываў. Яго імя ўвайшло ў гісторыю нашага каледжа як выкладчыка і заснавальніка аддзялення «Народныя харавыя спевы». Гэты чалавек аддаў свой творчы патэнцыял і імкненне развіваць і ўзбагачаць нацыянальныя культурныя традыцыі нашай навучальнай установе. За гады працы А.Рашчынскага ў каледжы народны хор пад яго чуйным кіраўніцтвам атрымаў новае жыццё: папаўняўся рэпертуар калектыву, пашыралася конкурсная палітра выступленняў і перамог рознага ўзроўню, паступова узмацняліся галасы яго ўдзельнікаў. І менавіта не без усяго гэтага I Фестываль-конкурс народнай песні носіць яго імя.
Геаграфія ўдзельнікаў сёлетняга конкурсу дастаткова шырокая: гэта Бабруйск, Кобрын, Наваполацк, Салiгорск, Баранавiчы, Калiнкавiчы, Любань, Мазыр, Ашмяны, Iванава, Барысаў, Стоўбцы, Мiнск i Мiнская вобласць. Колькасць канкурсантаў падзяляецца на тры ўзроставыя катэгорыі. У катэгорыю А (12-15 гадоў) пададзена 22 заяўкі. У катэгорыі В (16-19 гадоў) налічваецца 22 чалавекі. Катыгорыя С (ад 20 гадоў) прадстаўлена ўдзельнікамі ў колькасці 11 чалавек.
У склад журы конкурсу ўваходзяць відныя музычныя дзеячы Беларусі і Расіі. Праграма Фестывалю-конкурсу ўключае ў сябе не толькі конкурсныя праслухоўванні ўдзельнікаў, але і выступленні харавога і аркестравага калектываў каледжа, а таксама майстар-клас Таццяны Сямушынай – Лаўрэата Усерасійскіх і міжнародных конкурсаў, уладальніка міжнароднай прэміі «Імперская культура», салісткi вакальнага трыа «Лада», выкладчыка Дзяржаўнага музычна-педагагічнага інстытута імя М.М.Іпалітава-Іванава.
Так, 2 красавіка ў канцэрце, прысвечаным адкрыццю Фестывалю-конкурсу, прымуць удзел наступныя музычныя калектывы: лаўрэат міжнародных конкурсаў аркестр беларускіх музычных інструментаў пад кіраўніцтвам У.М.Чэрнікава, лаўрэат міжнародных конкурсаў народны хор «Бліскавіца» пад кіраўніцтвам Г.Б.Мілавідавай, ансамбль народнай песнi «Каханачка» Беларускага нацыянальнага тэхнiчнага ўнiверсiтэта пад кiраўнiцтвам I.С.Ярмолiк. На закрыцці Фестывалю-конкурсу прымуць удзел лаўрэаты I cтупенi ўсіх узроставых катэгорый.
Нагадваем, што Фестываль-конкурс праводзіцца ў Мінскім дзяржаўным музычным каледжы імя М.І.Глінкі ўпершыню. Арганізацыйную падтрымку мерапрыемству аказваюць грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз музычных дзеячаў», а таксама Мінская гарадская метадычная секцыя па спецыяльнасці «Харавыя дысцыпліны».
Спадзяемся, што гэта падзея стане не толькі яркай старонкай у юбілейным годдзе гісторыі нашага каледжа, але і сапраўдным святам для ўсіх яго ўдзельнікаў, арганізатараў, гасцей, а таксама проста аматараў музыкі і людзей, закаханых у беларускую нацыянальную культуру. Запрашаем усіх жадаючых наведаць І Фестываль-конкурс народнай песні імя А.Рашчынскага «Агмень».
Праграма:
2 красавiка (аўторак)
- 18:00 – Канцэрт-адкрыццё фестывалю (вялікая зала)
3 красавіка (серада)
- 12:00 – конкурсныя праслухоўванні катэгорыі А (камерная зала iмя В.С.Савiна)
- 14:30 – конкурсныя праслухоўванні катэгорыі С (габеленавая зала)
- 16:30 – майстар-клас Таццяны Сямушынай (Расія, г. Масква)
- 17:30 – узнагароджванне ўдзельнікаў катэгорый А, C
4 красавiка (чацвер)
- 14:30 – конкурсныя праслухоўванні катэгорыі B (малая зала 304)
- 17:00 – узнагароджванне ўдзельнікаў катэгорыi B
- 17:30 – Гала-канцэрт лаўрэатаў I ступені катэгорый A, B, C. Закрыццё фестывалю
Чакаем Вас па адрасе: г. Мінск, вул. Грыбаедава, 22